ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,
калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.
Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.Гасек, Г.Ф.Гендэль, Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Э.Меполь, А.Аляб’еў, А.Арэнскі, М.Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.Смольскага, «Матухне Кураж» С.Картэса).
На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.Вяржбіцкіх, Д. і В.Стафановічаў, А.Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.
Літ.:
Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;
Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.
А.Л.Карацееў.
т. 6, с. 265